igor1960 (igor1960) wrote,
igor1960
igor1960

Іван Мележ, «Людзі на балоце»

— Ты, па-мойму, — не слухаў яе Яўхім, — як самагонка! Пяршак! — Яўхім раптам схапіў яе за руку, Ганна паспрабавала вырвацца. — Не вырывайся!.. У, а, мабуць, такі гарачая!
— Пусці!
Ганна рэзка крутанула руку і вырвалася. Але ў той жа момант, адкінуўши яе руку з граблямі, якія яна трымала між сабой і ім, Яўхім абхапіў Ганну аберуч, сціснуў так, што ёй зацяло дыханне. Ад валасоў яе, ад твару пахла Яўхіму ветрам, саломай, нечым такім завабным, жаночым, што ў галаве яго муцілася. Ён адчуваў тугія грудзі яе, живот, цвёрдыя калені, усё цела яго поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап’яняла, паліла, туманіла развагу.
— Пусці! Чуеш?! Ой, балюча!.. Не цісні, ой… — ірвалася яна, непрыхільная, гнеўная, усё яшчэ трымаючы граблі.
Яе вочы былі блізка, былі добра відны ў поцемках — непакорныя, дзікаватыя, як у птушкі, што б’ецца з сілка. І плечы, і рукі, і ногі яе — уся яна была наліта непакорай, але ён не зважаў на гэта.
— Пусці, чуеш?.. Адыдзі!..
— От, нецярплівая!.. — паспрабаваў ён пажартаваць. — Патрывай бо… трохі…
— Пусці! Закрычу!.. Ей-богу, закрычу!..
Ён не адказаў. Не мог гаварыць, лавіў, лавіў яе рот, а яна не давалася, адварочвалася: перад ім была то скроня, то раскудлачаная галава з хусткай, ссунутай назад. Яўхім, аднак, не адступаўся, усё дужэй сціскаў дзяўчыну, і не было, здавалася, такой сілы, якая б разарвала гэты абдымак.
І раптам у Ганны вырвалася спалоханае, як маланка ўдарыла:
— Бацько!!!
Яўхім адразу выпусціў яе, адскочыў. Трывожна азірнуўся: спачатку на дарогу к свірну, туды, адкуль ён мог паявіцца, але там не было нікога, тады кінуў позірк убок, к суседскаму гумну, на загуменне. Не відаць нікога… Яўхім мімаволі глянуў на яе, як бы просячы яе памагчы, убачыў - яна ўжо стаіць наводдаль, папраўляе валасы і хустку.
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments