igor1960 (igor1960) wrote,
igor1960
igor1960

Панаванне дзікіх легіёнаў пана Доўбар-Мусніцкага цягнулася нядоўга

Панаванне дзікіх легіёнаў пана Доўбар-Мусніцкага цягнулася нядоўга. З захаду цяжкой жалезнай хадою сунулася нямецкая армія. Адна банда чорных драпежнікаў павінна была саступіць з дарогі перад другой, бо гэтая другая была большая і мацнейшая. Некалькі дзён была ў горадзе нервовая сумятня — недалужна кідаліся туды і сюды асалапелыя ваякі харобрага корпуса, у хаплівай паспешнасці ірвалі апошнія кветкі свайго панавання. Потым знецікі выліп на сценах {сцепах паважны загад нямецкага каменданта, прайшлі цьмяныя змораным строем салдаты ў касках, прагрукацела артылерыя, жвава пранесліся славутыя вільгельмаўскія «гусары смерці» — горад пачуў бліскуча-выглянсаваную, але ад гэтага ані-ні не лягчэйшую пяту нямецкага імперыялізма. Некаторы час яшчэ мільгалі па вуліцах недалужныя фігуры абяззброеных легіянераў, потым яны зніклі — іх выправілі некуды акуратныя, звыклыя да абсалютнай чыстаты, немцы.
Пачаўся новы перыяд, новае панаванне, новы лад і парадак. Немцы неслі з сабой дух цвёрдай бязлітаснай ваеншчыны. У іх было ўсё «чыста, культурна і станавіта». Немцы не рабілі нічога наспех, не кідаліся, не карожыліся, як іхнія папярэднікі, — яны стала прыладжваліся да доўгага, заложнага панавання. Яны ўсё рабілі культурна і станавіта. Яны многа бралі з сялян: накладалі кантрыбуцыі, адбіралі працэнты ад ураджаю, проста насыпалі з засекаў. Але і тут яны выяўлялі сваю культурнасць. Калі вёска не выконвала кантрыбуцый, яны не палілі яе, не стралялі людзей, не секлі шампаламі, а проста прыязджалі і бралі заложнікаў. Калі якая-небудзь некультурная сялянка не хацела аддаваць аднаго з сваіх двух пудоў жыта (апошняга немцы не бралі), калі яна перашкаджала сваім крыкам і гвалтам, дык яе не білі прыкладам у грудзі і не давалі ёй выспятка (як іхнія папярэднікі), а проста адзін салдат браў яе аберуч і трымаў, пакуль другі насыпе яе збожжа. А працэнты з ураджаю немцы, нават не турбуючы гаспадароў, вылічалі самі — такія былі далікатныя,— а турбавалі трохі тады ўжо, як прыязджалі на сваіх велізарных параконных гарбах забіраць сялянскае дабро.
Немцы ўсё рабілі культурна і станавіта.
У горадзе шмат хто быў здаволен панаваннем немцаў. Былі здаволены нават тыя, хто выносіў штодня на рынак чарговую лахманіну, каб здабыць сваю абыдзенную марку. Былі здаволены і тыя, хто стаяў на рагу з пакам газет і з прагным жаданнем як-небудзь збіць з драбязы тую самую пільна патрэбную марку. Былі здаволены, бо ёсць парадак, бо немцы ўсе далікатныя і бальшавікоў не любяць, і не пусцяць сюды гэтых бунтаўшчыкоў. Можна спакойна спаць і сніць аб лепшым часе, аб белым хлебе і свежым масле, аб грамафоне і мяккай канапе.

https://knihi.com/Michas_Zarecki/Sciezki-darozki.html?fbclid=IwAR3vl_qsMiXP0oSYPMEi8iVV-w-s2J2VwAMGc3mkLN4Vc9zq7QcXpKRMmm0#chapter4
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments