igor1960 (igor1960) wrote,
igor1960
igor1960

няма ніякай Беларусі, а ёсць Польшча

29 верасня 1944 г.

Пятніца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пісьменнікаў. Няма дзе адаспацца і адляжацца. Усе дні баліць галава, хіліць на сон і зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошні мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру і буду дбаць аб здароўі і пісаць. За гэтыя дні бачыўся з Р.Шырмам. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П.Пестрака і М.Танка. Каталіцкае духавенства, дзе якое было раней і якое дзе цяпер з'явілася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланізуюць сваіх парафіян і тлумачаць, што няма ніякай Беларусі, а ёсць Польшча. Усё ідзе ад віленскага біскупа Ялжбыкоўскага. Аб гэтым дакладна ведае і тужыць беларускі патрыёт менскі ксёндз Шутовіч. Я цвёрда намерыўся пісаць старшыню Саўнаркома дакладную запіску, набраўшы фактаў. («Нацыянальныя польскія» сельсаветы ў Чарнагубаве і Каралішчавіч[ах].) Пальшчызна стараецца пакінуць польскага духу тут на наступныя пакаленні.

3 кастрычніка

Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алаўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумавым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі.

Сёння ўночы пацукі не далі спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антаніне Лукашэўскай і двох яе сынох. Усё гэта можа пад маім пяром ажыць і жыць доўгім, поўным жыццём. І да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад світаннем я заснуў без трывогі і суму. Калі ўжо будзе тая кватэра і ціхі кут, каб пісаць! Просіцца з пяра артыкул у «Звязду» аб літаратуры.

11 кастрычніка

Сёння многа і, здаецца, добра пісаў. 7 кастрычніка заходзіла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовіч з Вільні, жонка ксяндза Адама Станкевіча. Яна прыехала ў Менск, каб дайсці тут якое-небудзь рады: віленск[і] біскуп, пілсудчык Ялжбыкоўскі садзіць усюды па Беларусі на парафіі палякаў ксяндзоў, якія і прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталікі ёсць чыстыя палякі. Гэтая жанчына вельмі прыемная асоба, тыповая яшчэ нашаніўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлігійны, а палітычна-нацыянальны характар і так падаць у адпаведныя рэспубліканскія органы.

Прыехаў з Вільні мастак Сергіевіч. Мілы чалавек і з вялікім талентам. Заходзіць часта. Пражыўшы з маленства і дагэтуль на Заходняй Беларусі, ён у нас аніяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкі і парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.

https://knihi.com/Kuzma_Corny/Dzionnik.html
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments