igor1960 (igor1960) wrote,
igor1960
igor1960

«Не, татка, я ведаю: мы беларусы…»

Гэта ж дзіва! У сямейцы пануе польская мова, польская ідэалогія, польскія традыцыі… Сам бацька з гасцямі даволі добра гаворыць «па-польскаму», саўсім рэдка, абмыліўшыся, кульганець «папросту», кашлянець, перханець, і абмылка няўзнаку…
Ён гадуе добрых дзетак на карысць маткі-Польшчы… I вось табе на! — адзін ці адна з гэтых дзетак, пасля новага нейкага паветра, нясмела, але няўступна гаворыць, цвёрда і сумна гледзячы бацьку ў вочы: «Не, татка, я ведаю: мы беларусы…» Гвалт! Адкуль ён ведае? Папсаваўся хлапец, сапсавалася дзеўка… Гора пану, сорам пані…
А самавольнік ці самаволачка, нічога не чуючы, нікога не слухаючы, сваволіць, беларусіцца болей і болей. Пойдуць рады, лекі. «Не пускай ты яе, панічка, да беларусоў: гэта яна там нейкую сымпацію таіць, з таго ўсё і выходзіць. Не пускайця, час усё вылечыць». I яшчэ паддаюць духу…
Прыходзіць у госці к матцы самаволачкі добрая суседка. Тое-гэта, аб тым аб сім, але вот: «А я да пані маю інтэрас…» Ідуць у другі пакой.
«А-ей, панічка, ня думаіця вы аб панні Ядзі… Сватоў трэба ждаць, а яна ўсё папросту ды папросту… Гэта ж ніхто паненку і замуж ня возьміць…»
I на самаволачку пачынаюць насядаць, пачынаюць лячыць яе ад «мужыцкай» беларушчыны, і…
Дарма! Калосіцца ўраджай…
А то вот. «О-о, я ж рускі! Бацька мой за сахою хадзіў, а я ў людзі выйшаў, звязду над казыром нашу. Гавару «правільна» (па-расійску)… Жонку маю не абы-якую — з папоўскага роду; школіць яна мяне часам за «мужыцкі закалец», а я, каб падражніцца, і наўмысля дзеля жарту дыкну ці якну.
Дзеткі мае слова па-мужыцку не скажуць, матка ўжо за іх не чырванеіць…»
Добра, ладна, пане з мужыкоў! Лацвей табе…
I раптам — скуль бяда? Сын — студэнт, гордасць, спадзяванне бацькоў, прыязджае з універсітэта і… ані слова «правільна»: па-мужыцку так і сыпле!
Праўда, выходзіць у яго неяк не саўсім па-мужыцку, а даволі прыемна, як бы і па-панску, літаратурна, але ўсё ж словы «хамскія», якія ўжывае дворнік, вадавоз, пячкур… Так, пане з мужыкоў!.. Слёзы, квохі, упрашэнні. «Міценька! Пабойся Бога…
Паслушай мамы… не срамі нас. Дзядзя-інспектар у госці прыедзет… Не гавары хоць пры ім на гэтым жаргоне…» А Міця, той яшчэ, ці чуў ты дзіва, за слова «жаргон» скрыўдзіўся. Ах, і гэтага дзіцятку папсавалі таварышы.
Хітрэйшыя бацькі пачынаюць і хітрэйшую палітыку: яны і самі як бы не чураюцца родных слоў, часам выпінаюцца прад сынам за горкую долю мужыка і трошку-патрошку заводзяць з сынам гаворку аб тым, што «шкада — справа спознілася», «ах, не маіць яна ў нашы часы сэнсу», «трэба глядзець каля сябе глыбей, трэба спытацца ў народа, ці ж ён пойдзіць за вамі» і т. д. I жыццёвая драма для чулага хлопца — гатова, а сын свайго бацькі патрапіць «расчаравацца»…

https://edudocs.net/3233823/?fbclid=IwAR3PXQYE2wBMjh-o19cfS6Tt-SmSp5qg7KVStVoMjjoAqKVMUGJJUmpi9S4
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments