igor1960 (igor1960) wrote,
igor1960
igor1960

Чорны пасля 1938-га і да самай смерці ўсё больш робіцца падобны на Дастаеўскага

Чорны пасля 1938-га і да самай смерці ўсё больш робіцца падобны на Дастаеўскага — у яго найлепшых праявах, — разважае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. — Чорнага называюць пачынальнікам беларускага рамана — але гэта не зусім дакладна: здаецца, ён пачынальнік менавіта «дастаеўскага» беларускага рамана, самадастатковага і даставучага да самага донца.

«Пошукі будучыні», напісаныя ім перад смерцю, тут больш чым паказальныя. Кудысьці знікаюць упэўненасць (і маладая самаўпэўненасць), на месца якіх прыходзіць жах; дый у кожнага рамана Чорнага цяпер быццам бы трасуцца рукі. Ён піша таропка і часта неахайна, не зважаючы на паўторы, намагаючыся запісаць усё, усё, пакуль не спынілі; кожны радок выліваецца з яго, як сляза, — і гэта ціхі плач на мяжы з паталогіяй, бо чым часцей чалавек плача, тым радзей гэта кранае. Як і Фёдар Міхайлавіч, Чорны мацней, чым калі, прасякаецца любоўю да слабых, занядбаных і кінутых, і гэтая любоў замяняе яму ўсё — такіх людзей баяцца дзеці і кусаюць сабакі.

«Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот і, скаваная ранамі ў нагах і крыллях, канчалася на зямлі пад дротам. У яе вачах маглі змясціцца смутак і скруха ўсяго свету».

Чорны набыў гэтую важную здольнасць, без якой мастацтва рамана немагчымае — бачыць вялікае ў малым, у найдрабнейшым — у воку птушкі, у дзічцы, у гузіку, у парушынцы. Відаць, усведамленне гэтага свайго дару не прынесла яму нічога, апрача болю. Ён, пралетарскі нібыта, а насамрэч сялянскі пісьменнік, усё часцей згадвае Бога. У позніх раманах Чорнага таксама ўсё круціцца вакол зямлі - яе прыцягненне неадольнае, як праклён: як аўтар ні падскоквае, увесь час апускаецца на тое самае месца. Але падскоквае ён усё вышэй і бачыць усё больш. Вось ужо і суседнія землі ўбачыў: на імгненне, але гэтага імгнення хапіла, каб тое-сёе зразумець, зафіксаваць у замучанай памяці і занатаваць — пад акампанімент блізкай вайны.

Читать полностью: https://news.tut.by/culture/689373.html
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments