igor1960 (igor1960) wrote,
igor1960
igor1960

Помнік Яну Баршчэўскаму плануюць адкрыць у Чуднаве восенню.


Помнік Яну Баршчэўскаму плануюць адкрыць ва ўкраінскім Чуднаве гэтай восенню. Гарадскі савет падтрымаў ініцыятыву Фонду Марыі Магдалены Радзівіл. Нагадаем, год таму пра шасцітысячны Чуднаў, што ў Жытомірскай вобласці Украіны, пісалі ўсе беларускія медыя. Тут, на адным з прыватных падворкаў, выпадкова выявілі надмагільную пліту беларускага пісьменніка ХІХ ст. Яна Баршчэўскага.
Вялізны камень з незразумелым надпісам выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах, пакуль дачка гаспадара з дапамогай інтэрнэту не пераклала тэкст: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў цнатліва 70 год. Памёр 28 лютага 1851 года». У гаспадара падворка ўнікальльную знаходку амаль адразу (па кошце металу) выкупіў Жытомірскі абласны саюз палякаў Украіны. Яе абяцалі рэстаўраваць і ўнесці ў спіс гістарычных каштоўнасцей.
– Надмагільная пліта Яна Баршчэўскага, знойдзеная ў красавіку 2019 года пацвярджае факт пражывання і пахавання пісьменніка ў нашым горадзе, – адзначае загадчык аддзела культуры Чуднаўскага гарадскога савета Святлана Захарчанка. – Што да магчымага месца пахавання Яна Баршчэўскага, як сведчаць мясцовыя краязнаўцы, сёння яго знайсці нерэальна. Вядома, што на тэрыторыі старажытных польскіх могілак. Сёння гэта жылая зона.

Тым не менш, знаходка надмагільнай пліты Яна Баршэўскага стала сенсацыяй. У хуткім часе паўстала пытанне аб увекавечанні памяці пісьменніка ва Украіне. З ініцыятывай выступіў прэзідэнт Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесь Сапега.

– У падтрымку стварэння помніка Яну Баршчэўскаму на адрас гарадскога савета паступілі лісты ад міністэрства культуры Беларусі, Беларускага фонду культуры, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Фонд стварыў эскіз, ужо замоўлена стварэнне помніка, пытанні вырашаюцца.
Праект прадугледжвае, што ля падножжа помніка будзе ўсталявана арыгінальная надмагільная пліта.
– Гэта ўнікальны экспанат. Ён патрабуе рэстаўрацыі. Гэтым павінна была займацца грамадская арганізацыя палякаў Жытоміршчыны ў асобе кіраўніка Вікторыі Ляскоўскай-Шчур. На жаль, на сёння пытанне яшчэ не вырашана, – адзначае Святлана Захаранка.
На бліжэйшай сесіі савета, у канцы мая, будзе прынята канчатковае рашэнне па ўсталяванні помніка, зацверджана месца. Прадстаўнік гарадскога савета выказала спадзяванне, што адкрыццё помніка адбудзецца ў першай палове верасня, калі святкуецца дзень горада Чуднава.
Прэзідэнт Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесь Сапега пацвердзіў, што помнік Яну Баршчэўскаму можа быць адкрыты ў верасні і стане своеасаблівым падарункам да дня горада Чуднава і Дня беларускага пісьменства. Па словах А. Сапегі, ініцыятыву падтрымлівае і міністэрства культуры, і МЗС Беларусі.
– Міністэрства замежных спраў таксама задзейнічана ў гэтым праекце, пра яго ведае і міністр Уладзімір Макей, супрацоўнікі беларускага пасольства ў Кіеве трымаюць руку на пульсе, звязваліся па тэлефоне з адміністрацыяй горада.
Алесь Сапега распавёў, як адбывалася ўзаемадзеянне з мясцовай адміністрацыяй, чаму пакуль не атрымалася дамовіцца з Жытомірскім абласным саюзам палякаў па іх ўдзеле ў праекце.
– Мы прадставілі тры эскізы, адзін з іх горад узгадніў. Гэта бюст з бронзы на гранітнай калоне. Агульная вышыня каля 2,8 м. На калоне будзе размешчана інфармацыйная шыльда на беларускай і ўкраінскай мовах.
Тэкст, кажа Алесь Сапега, можа быць дапоўнены з ўлікам інтарэсаў польскага боку:
– Канечне, гэта рэальна. Між тым, пакуль польскі бок не вызначыўся са сваімі прыярытэтамі, я не скіраваны на тое, каб пісаць штосьці па-польску, калі праект цалкам беларускі і ўкраінскі.
Як адзначалася, у помнік ўключана і надмагільная пліта Яна Баршчэўскага. Яе рэстаўрацыя можа быць праведзена цалкам за сродкі Фонду. Але лёс гістарычнай знаходкі пакуль не вызначаны.
– Перамовы вяліся з мінулага кастрычніка. З кіраўніком польскай абшчыны Жытомірскай вобласці мы не змаглі знайсці кампраміс: ім або эскіз не падабаўся, або казалі, што ў іх ёсць свой скульптар, або што не гатовы ўдзельнічаць фінансава. Пасля мы пачалі супрацоўнічаць менавіта з горадам, атрымалі дазвол, але ад палякаў дзверы не зачынялі. І горад, і Фонд Марыі Магдалены Радзівіл неаднаразова прапаноўвалі ім паўдзельнічаць у праекце. На жаль, польская абшчына не адказала ні на адзін афіцыйны зварот і цалкам ігнаравала ўсе кантакты, у тым ліку, і зварот адміністрацыі Чуднава вярнуць надмагільную пліту гораду да 15 мая. Напэўна, не сёння-заўтра адміністрацыя будзе вымушана звяртацца да праваахоўных органаў.
Ян Баршчэўскі – беларускі пісьменнік, паэт, выдавец, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў вёсцы Мурагі, Полацкага павета (сёння – Расонскі раён Віцебскай вобласці). Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Студэнцкія канікулы праводзіў у падарожжах па беларускіх землях, збіраў фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы. Першыя вершы, створаныя на беларускай –- «Дзеванька» і «Бунт халопаў». Я. Баршчэўскі звяртаўся да беларускіх уяўленняў, фальклорных сюжэтаў і вобразаў. Галоўны твор – зборнік фантастычных апавяданняў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844-1846). У 1850 годзе па запрашэнні пісьменніка Г. Ржэвускага Баршчэўскі пераехаў у Чуднаў, дзе праз год памёр ад сухот.

Аўтар Таццяна Гаргалык

http://www.radiobelarus.by/be/content/pomnik-barscheuskamu?fbclid=IwAR2v5GK1bq2wGUalRsNJ1WlkFuadycAntGzgIaKwuCBWWmVMPbBBF3tV-SA
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments