igor1960 (igor1960) wrote,
igor1960
igor1960

У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны размешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды.

Нават у многіх школах вясковых мясцовасцей беларускага толькі і засталося, што паржавелыя шыльды над ганкам. Кажуць, што супраць беларускай школы з’яўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу на ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разбірацца цяжка, бо пішуць ананімы. Ці выражаюць гэтыя пісьмы сапраўдную волю і жаданне народа?

Можа, сапраўды наш народ раптам перастаў любіць сваю мову? Не, гэтага не было і не можа быць!
Прыслухайцеся да жыхароў гарадскіх ускраін і рабочых пасёлкаў, да калгаснікаў: у іх вуснах гучыць чыстая прыгожая беларуская мова. Нікому з іх і ў думку не ўпадзе пратэставаць супраць той мовы, на якой ён гаворыць з маленства.

Але ёсць мяшчанская праслойка, якая грэбліва адносіцца да нашай мовы; яна мае ўплыў на недастакова развітых асоб. На жаль, прыслухоўваючыся да голасу гэтага мяшчанства, і некаторыя людзі з органаў народнай асветы пачынаюць імкнуцца ліквідаваць і беларускую школу, і наогул выкладанне мовы ў ёй. Але не волю народа выконваюць яны, блізарукія. Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменні, а з другога – нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасці, ворагі дружбы народаў.

Наогул недастатковая ўвага да мовы дае матарыял для плётак і інсінуацый нашым замежным ворагам і іх паслугачам – беларускім нацыяналістам.

У чым жа прычына сягонняшняга становішча з мовай?
У пэўны час – ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? – вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады – значыла зарабіць ярлык нацыяналіста.

Прашу разумець мяне правільна. Партыя вяла справядлівую барацьбу з буржуазным нацыяналізмам, ускрываючы шкоднасць і карэнні гэтага зла. Я маю на ўвазе іншае, а іменна – тыя нездаровыя з’явішчы, у выніку якіх значная колькасць партыйнай і савецкай інтэлігенцыі рэспублікі была бязвінна рэпрэсіравана.

Дык вось, баючыся быць пакаранымі без віны, людзі пакідалі гаварыць па-беларуску, а потым, натуральна, пакрысе і забывалі мову. Гэтак было са старэйшымі. Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасавання, не ўжываецца для выкладання, для перапіскі, не гучыць на сходах...

На жаль, не было зроблена ніякіх крокаў, каб выправіць гэты крэн ад свае мовы. Вымушаны выпадковымі і нездаровымі абставінамі адыход інтэлігенцыі ад беларускай мовы пачаў неправільна разумецца як наогул нелюбоў да яе народа, нежаданне ею карыстацца. З гэтага неразумення і вынікла тое, што ўжыванне беларускай мовы паступова змяншалася.

Ці не выступаю я такім чынам супраць ужывання і пашырэння рускай мовы? Не.
Руская мова – гэта шырокая брама ў культуру рускага народа, народаў нашай Радзімы і ўсяго свету. У маладосці мяне выхоўвалі Пушкін і Крылоў, Дабралюбаў і Чарнышэўскі, у сталыя гады – Ленін, Горкі і савецкая літаратура. Мільёны маладзейшых людзей нашай рэспублікі назавуць гэтых самых настаўнікаў.

Руская мова – родная нам, яна – неад’емнае багацце беларуса. Кожны з нас абавязан добра ведаць рускую мову, яна павінна давацца дзіцяці змалку, выкладацца лепей, чым цяпер. Бо, няма чаго граху таіць, сапраўднага ведання рускай мовы ў рэспубліцы няма, яна перакручваецца і калечыцца, і гэта мне таксама рупіць і баліць, як перакручванне і калечанне мовы беларускай.

https://citydog.by/post/zapavet-pesniara/?fbclid=IwAR2Cr2Ylbx-tStVbEb8nBcq6-p2sYNz8-MUXXxlqCtb_wNtf8x9XR19zgIw
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments