November 2nd, 2020

з глухімі дамаганнямі беларускага карэння, што аніяк жа не ўсыхае ў яго душы

А можа, гэта сякі-такі кампраміс, змова і згода інтэлігентнага чалавека беларускай косткі, абросшай польскім ці расійскім мясам, змова з глухімі дамаганнямі беларускага карэння, што аніяк жа не ўсыхае ў яго душы і троху-патроху ды безупынна, бесперастанку шкодзіць спакою яго сумлення?
Ці гэта законная зайздрасць к другім, мо і драбнейшым, галінкам дрэва славянскага, што куды раней пукацца пачалі і к часу беларускага адраджэння закрасавалі? Гм… гм… Тут, можа, кірунак з прымусу, каб пазбыцца векавечнага сораму ў гісторыі?
Гм… тут, можа, людская рацыя: украінцы адрадзіліся і закрасуюць — з жыццём спрачацца няможна; а раз так — павінен, павінен адрадзіцца і твой народ, праўда?
Ці гэта балбатанне «тутэйшых патрыётаў», што дзеля дзяцінай славы завялі не дзяціную справу? Ці гэта, можа быць, праяўленне эканамічнага гнёту, што выдавіў у беларуса-мужыка ўсе духі і прымусіў яго брыкацца з-пад калоды?
Што гэта?
Можа, гэта здаровы і патрэбны крык аб сваіх правах беларуса як сына беларускай нацыі, нацыі па сваіх духоўных асаблівасцях самабытнай… Можа, гэта крык аб правах народа, ядынага ў псіхіцы і здольнага да самабытнага жыцця сярод народаў, катораму не да твару быць прыбаўкаю, дадаткам да нацыі дужэйшай… і асабліва блізкай па крыві, што яшчэ горш, бо з чужым! — так дык так, а не так і не трэба, ну а з няўдалаю раднёю цацкайся, дзядзька, пакуль яна з хаты твае не турыць цябе.
Можа, так?
Ці ж я ведаю? Можа, і так… «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю».

https://edudocs.net/3233823/?fbclid=IwAR3PXQYE2wBMjh-o19cfS6Tt-SmSp5qg7KVStVoMjjoAqKVMUGJJUmpi9S4

«Не, татка, я ведаю: мы беларусы…»

Гэта ж дзіва! У сямейцы пануе польская мова, польская ідэалогія, польскія традыцыі… Сам бацька з гасцямі даволі добра гаворыць «па-польскаму», саўсім рэдка, абмыліўшыся, кульганець «папросту», кашлянець, перханець, і абмылка няўзнаку…
Ён гадуе добрых дзетак на карысць маткі-Польшчы… I вось табе на! — адзін ці адна з гэтых дзетак, пасля новага нейкага паветра, нясмела, але няўступна гаворыць, цвёрда і сумна гледзячы бацьку ў вочы: «Не, татка, я ведаю: мы беларусы…» Гвалт! Адкуль ён ведае? Папсаваўся хлапец, сапсавалася дзеўка… Гора пану, сорам пані…
А самавольнік ці самаволачка, нічога не чуючы, нікога не слухаючы, сваволіць, беларусіцца болей і болей. Пойдуць рады, лекі. «Не пускай ты яе, панічка, да беларусоў: гэта яна там нейкую сымпацію таіць, з таго ўсё і выходзіць. Не пускайця, час усё вылечыць». I яшчэ паддаюць духу…
Прыходзіць у госці к матцы самаволачкі добрая суседка. Тое-гэта, аб тым аб сім, але вот: «А я да пані маю інтэрас…» Ідуць у другі пакой.
«А-ей, панічка, ня думаіця вы аб панні Ядзі… Сватоў трэба ждаць, а яна ўсё папросту ды папросту… Гэта ж ніхто паненку і замуж ня возьміць…»
I на самаволачку пачынаюць насядаць, пачынаюць лячыць яе ад «мужыцкай» беларушчыны, і…
Дарма! Калосіцца ўраджай…
А то вот. «О-о, я ж рускі! Бацька мой за сахою хадзіў, а я ў людзі выйшаў, звязду над казыром нашу. Гавару «правільна» (па-расійску)… Жонку маю не абы-якую — з папоўскага роду; школіць яна мяне часам за «мужыцкі закалец», а я, каб падражніцца, і наўмысля дзеля жарту дыкну ці якну.
Дзеткі мае слова па-мужыцку не скажуць, матка ўжо за іх не чырванеіць…»
Добра, ладна, пане з мужыкоў! Лацвей табе…
I раптам — скуль бяда? Сын — студэнт, гордасць, спадзяванне бацькоў, прыязджае з універсітэта і… ані слова «правільна»: па-мужыцку так і сыпле!
Праўда, выходзіць у яго неяк не саўсім па-мужыцку, а даволі прыемна, як бы і па-панску, літаратурна, але ўсё ж словы «хамскія», якія ўжывае дворнік, вадавоз, пячкур… Так, пане з мужыкоў!.. Слёзы, квохі, упрашэнні. «Міценька! Пабойся Бога…
Паслушай мамы… не срамі нас. Дзядзя-інспектар у госці прыедзет… Не гавары хоць пры ім на гэтым жаргоне…» А Міця, той яшчэ, ці чуў ты дзіва, за слова «жаргон» скрыўдзіўся. Ах, і гэтага дзіцятку папсавалі таварышы.
Хітрэйшыя бацькі пачынаюць і хітрэйшую палітыку: яны і самі як бы не чураюцца родных слоў, часам выпінаюцца прад сынам за горкую долю мужыка і трошку-патрошку заводзяць з сынам гаворку аб тым, што «шкада — справа спознілася», «ах, не маіць яна ў нашы часы сэнсу», «трэба глядзець каля сябе глыбей, трэба спытацца ў народа, ці ж ён пойдзіць за вамі» і т. д. I жыццёвая драма для чулага хлопца — гатова, а сын свайго бацькі патрапіць «расчаравацца»…

https://edudocs.net/3233823/?fbclid=IwAR3PXQYE2wBMjh-o19cfS6Tt-SmSp5qg7KVStVoMjjoAqKVMUGJJUmpi9S4

дазваляўся каталіцызм толькі ў адной форме «польскае веры»

ПАД ПОЛЬСКАЮ АКУПАЦЫЯЙ

На першы пагляд магло б здавацца, што ў Заходняй Беларусі пад польскаю акупацыяй беларускае каталіцкае жыцьцё павінна было квітнець, але ў сапраўднасьці i тут каталіцызм як такі прасьледаваўся з няменшаю зацястасьцю, хоць ня так крывава, як у Савецкім Саюзе, a дазваляўся каталіцызм толькі ў адной форме «польскае веры».

Пакуль у Вільні быў біскупам Я.Э. Юры Матулевіч (1918-1925), a ў Пінску Я.Э. Жыгімонт Лазінскі (1919- 1925 як біскуп Менскі, а 1925-1933 як біскуп Пінскі), дык супрацьбеларускія выступы польскага духавенства мелі пераважна прыватны характар. Праўда, гэтых выступаў было шмат i да таго яны часта йшлі ў пары з падобнымі выступамі польскіх урадовых прадстаўнікоў, але афіцыяльна яны ўсё ж маглі расцэньвацца як шавіністычныя выступы адзінак на іхнюю асабістую адказнасьць. Характэрна, аднак, тое, што польская грамадзкая апінія такія выступы падтрымоўвала. Нават у 1917 г., калі беларуская прэса паведаміла, што ў Вільні паўстаў «Арганізацыйны Камітэт дзеля сазыву Беларускае Канфэрэнцыі ў Вільні» i што ў яго склад увайшлі ксяндзы-беларусы У.Талочко i Янка Семашкевіч, дык паляк кс. Вітаўт Шылкевіч прыслаў кс. Талочку ліст з пагрозаю, што ён ня міне «заслужанае кары». На гэта кс. Талочка даў належны адказ i раіў «вылечыцца ад нацыяналістычнага чаду». Відавочна, адказ трапіў у самае чулае мейсца польскага шавінізму, бо выклікаў шмат гоману i быў часткова апублікаваны ў «Gazecie Warszawskiej» [62].

Бязумоўна, што шавіністычна настроеныя адзінкі, якія займалі высокія адказныя становішчы, выкарыстоўвалі афіцыяльна гэтыя становішчы каб нішчыць беларускае каталіцкае жыцьцё. Калі ў 1918 г. віленскія беларусы запраектавалі выданьне беларускага каталіцкага часапісу «Сейбіт», дык пралат кс. Ян Ганусэвіч ад імя Віленскае біскупскае курыі 23.ІХ.1918 г. лістом № 1440 афіцыяльна забараніў кс. У.Талочку супрацоўнічаць у тым часапісе [63].

Падобныя выступленьні польскіх нацыяналістаў супраць беларускага каталіцкага жыцьця можна лічыць толькі дробнымі выпадкамі. Уласьцівы наступ распачаўся ад таго часу, як польская ўлада пачала замацоўвацца на беларускіх землях. Ад тады супрацьбеларускі наступ на мяйсцох суправаджаецца самаю бессаромнаю кампаніяю ачорніваньня i нават даносамі ў Рым. Гэткі данос быў высланы ў 1921 г.; у ім абвінавачвалася Я.Э. Матулевіча за тое, што не забараняе выданьня ў Вільні беларускае каталіцкае газэты «Krynica», бо яна, маўляў, «супярэчыць з каталіцкай этыкай... недапушчальным спосабам крытыкуе касьцельныя ўлады... узбуджае нянавісьць да польскага народу i дзяржавы... узбуджае клясавы антаганізм... i выразна сымпатызуе бальшавіком» [64]. Так ачорнівалася газэта, якая будзіла нацыянальную сьведамасьць між беларусаў-каталікоў i садзейнічала ажыўленьню каталіцкага жыцьця.

Наагул, найбольш востры наступ на беларускае каталіцкае жыцьцё йшоў з Віленскае капітулы, дзе аддаўна знайходзіліся такія канонікі, якія нават адмаўляліся даваць разграшэньне тым пакутнікам, якія спавядаліся па-беларуску. Больш таго, некаторыя з ix карысталіся ў дачыненьні да беларусаў самым непераборлівым тэрорам. Напрыклад, канонік кс. Станіслаў Мацеевіч, візытуючы беларускую сярэднюю школу ў Барунах, пагражаў вучням: «Кулька ў лоб кожнаму, хто будзе чытаць беларускія кніжкі» [65]. Аб гэтым «духоўным» адзін з левых часапісаў пісаў у форме пародыі акафісту: «Радуйся ксяндзоў Мацеевічаў прамоўкі, з беларусаў у палякі перахварбоўкі, вераю сьвятой ганебныя гандлёўкі - радуйся!» [66]

Найбольш вострыя атакі былі скірованы супраць актыўнейшага беларускага сьвятарства, каб, стэрарызаваўшы ix, тым лягчэй узьдзейнічаць агулам на беларускае сьвятарства. Дня 26.VI.1921 г. у Барунах арыштавана кс. Міхала Пятроўскага i пасаджана ў Лукіскую турму, a ў 1922 г. быў наложаны хатні арышт на кс. Казімера Стэповіча.

Бараніцца супраць наступу духоўнае i сьвецкае польскае ўлады было вельмі цяжка. Дзейны супраціў магла б зрабіць адпаведная беларуская духоўная ўлада, але яе ня было. Дзеля гэтага з ініцыятывы Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратычнае Злучнасьці быў паданы ў 1921 г. Апостальскаму нунцыю мэмарыял ад усіх беларускіх грамадзкіх установаў у Вільні з дамаганьнем біскупа-суфрагана, беларускае мовы ў Духоўнай Сэмінарыі i інш. Зразумела, што палякі зрабілі ўсё, што было ў ix сілах, каб нічога з дамаганьняў беларусы не атрымалі, але на некаторы час былі спыніліся скандальныя супрацьбеларускія выступы польскіх духоўных уладаў. Да таго пачалася падрыхтоўка перагавораў у справе канкардату між Польшчаю i Ватыканам. Самыя перагаворы трывалі нядоўга i вяліся так, каб ані беларусы, ані ўкраінцы ня мелі на ix ніякага ўплыву.

Польскі ўрад, выкарыстоўваючы сваю рэкляму «перадмуру хрысьціянства» i «абароны каталіцызму», здолеў легка вытаргаваць ад Апостальскага Пасаду паважныя саступкі адносна мовы казаньняў, катэхізацыі i інш. з некарысьцю для няпольскага насельніцтва [67]. Канкардат быў падпісаны 10.2.1925 г. Ня дзіва, што польскія асягненьні выклікалі незадаволеньне ў беларускіх, украінскіх i летувіскіх кругох. Калі Варшаўскі сойм рыхтаваўся да прыняцьця канкардату 23 красавіка, дык кс. Адам Станкевіч, які тады быў паслом, выехаў з Варшавы, каб ня ўдзельнічаць на тым паседжаньні сойму. Хтосьці аб гэтым данёс нунцыю Я.Э. Ляўраму, які выклікаў да сябе кс. Станкевіча i рабіў яму за гэта дакоры, але ў адказ пачуў яшчэ больш дакораў за папушчэньне ў крыўды беларускага рэлігійнага жыцьця [68]. У сваю чаргу, прэм'ер у раду БНР В.Ластоўскі выслаў мэмарандум-пратэст у Ватыкан [69]. На жаль, урад БНР ня меў ніколі дыплёматычных зносінаў з Ватыканам i абаснаваная аргумэнтацыя мэмарандуму асталася без адказу. Наагул, польскія дыплёматычныя асягненьні ня былі з роду тых, якія маглі паглыбіць рэлігійнае жыцьцё на Беларуci.

Згодна з канкардатам Віленская каталіцкая дыяцэзія была паднесеная да годнасьці мітраполіі, але перад тым пад націскам польскіх інтрыгаў i няспынных атакаў мусіў зрачыся Віленскага пасаду Я.Э. Юры Матулевіч i мітрапалітам быў назначаны Я.Э. Ян Цепляк, але ён хутка памёр, не абняўшы пасаду, i 24.VI. 1926 г. Віленскім мітрапалітам быў назначаны Я.Э. Рамуальд Ялбжыкоўскі.

Дзейнасьць міт. Ялбжыкоўскага азначалася вострым наступам супраць усяго беларускага ў рэлігійным жыцьці. У адказ на гэта прадстаўнікі Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі перадалі 12.ХІ.1926 г. мітрапаліту мэмарыял з дамаганьнямі:

1. Неадкладна ўвесьці ў Віленскую Каталіцкую Духоўную Сэмінарыю выклады беларускае мовы, гісторыі i літаратуры;

2. прыдзяленьня беларусам-каталіком аднаго з віленскіх касьцёлаў;

3. дапушчэньня ўжываньня беларускае мовы нароўні з польскаю i лацінскаю ў адносінах з духоўнаю ўладаю;

4. распараджэньня, каб у парахвіях з беларускім насельніцтвам казаньні i дадатковыя богаслужэньні адбываліся па-беларуску;

5. каб беларускіх сьвятароў прызначвана ня ў польскія, a ў беларускія парахвіі. Мітрапаліт Ялбжыкоўскі адказаў прадстаўніком БХД, што ён ня выканае ніводнага з вышэйпералічаных жаданьняў [70].

Тры дні перад тым, 9.ХІ.1926 г., падчас зьезду польскіх біскупаў у Вільні здарыўся яшчэ больш характэрны выпадак, які поўнасьцю выявіў сапраўднае аблічча мітрапаліта Ялбжыкоўскага. На зьезьдзе прысутнічаў а. архімандрыт айцоў Марыянаў Андрэй Цікота, i ён зьвярнуў увагу на неабходнасьць ужываньня беларускае мовы ў каталіцкай працы між беларусамі. На гэта мітрапаліт Ялбжыкоўскі з бязьлічным цынізмам параіў а. архімандрыту ехаць да бальшавікоў i там гаварыць па-беларуску [71]. I характэрна, што ніхто з прысутных польскіх ерархаў не сказаў нічога супраць такога адказу.

У далейшым наступ мітрапаліта Ялбжыкоўскага на беларускае каталіцкае жыцьцё ўзмацняўся з дня на дзень. Недарма яго агульна пачалі называць беларусажэрам. У студзені 1927 г. ён перанёс кс. Віктара Шутовіча з беларускае парахвіі Барадзенічы, дзе той працаваў дзесяць гадоў, у польскую парахвію Тшцяны ды адначасна здэградаваў з параха на вікарага, а на яго мейсца назначыў ксяндза-паляка. У тым жа часе быў згаласіўся на працу ў Віленскую дыяцэзію кс. Ст.Бланкоўскі, але з умоваю, каб быў прызначаны ў якую-небудзь беларускую парахвію - такога назначэньня не атрымаў.

Убачыўшы такую руплівасьць мітрапаліта ў змаганьні з беларускім рэлігійным жыцьцём, польскія адміністрацыйныя ўлады ў сваю чаргу ўзмоцнілі супрацьбеларускі наступ. Польскі суд засудзіў кс. Вінцэся Гадлеўскага, жодзіскага параха, на два гады турмы, абвінавачваючы яго ў «распаўсюджваньні бунтарскае дактрыны, якая мела на мэце адарваць ад Польшчы беларускія землі». Мітрапаліт Ялбжыкоўскі не сказаў ні слова абароны за свайго сьвятара [72]. Драбнейшыя супрацьбеларускія выступленьні польскае паліцыі ставаліся штораз часьцейшымі.

Да якое ступені даходзіў шавінізм мітрапаліта Ялбжыкоўскага, мог даведацца ўвесь сьвет падчас паўторнае каранацыі іконы Вастрабрамскае Божае Маці. На Вострай браме быў зьнішчаны лацінскі напіс i памешчана польскі: «Królowe Korony Polskiej módl się za nami».Такое надужыцьцё рэлігійных сьвятасьцяў, відаць, самі палякі ўважалі абураючым i спадзяваліся, што яно можа выклікаць паважныя заварушэньні, дзеля гэтага перад каранацыяй, якая адбывалася 2.VII. 1927 г., арыштованы цэлы рад беларускіх дзеячоў, i выпушчана ix толькі пасьля каранацыі [73].

Ня маючы свае ерархіі, беларусы-каталікі маглі ставіць супраціў толькі праз адзіную прокаталіцкую арганізацыю - Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю i прокаталіцкую газэту «Беларуская Крыніца», i вось на гэтыя ўстановы абрушыўся мітрапаліт Ялбжыкоўскі. Дня 10.ХІІ.1928 г. ён выдае загад № 5216 усім сваім парахам, у якім забараняе вернікам належаць да Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі i чытаць «Беларускую Крыніцу», бо яна, маўляў, займела памылковую дарогу «рэлігійнага індыфэрэнтызму i бальшавізму» [74]. Таго ж дня кс. Адам Станкевіч атрымаў асобны ліст у лацінскай мове з такімі ж забаронамі. Наступнага дня галоўная ўправа БХД выслала ў гэтай справе тэлеграму Апостальскаму Пасаду, а праз пару тыдняў шырока апрацаваны мэмарыял. Адначасна беларускія арганізацыі ў Вільні абвесьцілі пратэст супраць загаду мітрапаліта. Адказу з Рыму на мэмарыял ня было ніякага, i БХД прадаўжала сваю дзейнасьць, але яе палажэньне было вельмі няпрыемнае - публічнае ачорненьне з вуснаў мітрапаліта ставіла ўсіх, у тым ліку i Апостальскі Пасад, у заклапотнае палажэньне, але шавіністычны нацыяналізм мітрапаліта Ялбжыкоўскага ня лічыўся з нічым.

Маючы такога мітрапаліта, нацыяналістычна настроенае польскае духавенства ўважала, што мае разьвязаныя рукі ў супрацьбеларускіх пачынаньнях. Капітульны канонік кс. Кароль Любянец заснаваў у сваім маёнтку Мінойты каля Ліды адзіную ў сваім родзе «школу польскасьці». Уся гэтая школа палягала на тым, каб прывабіць праваслаўных беларусаў, перацягнуць ix на каталіцызм лацінскага абраду i перапісаць на палякаў. «Вучняў» прынаджвалася рознымі абяцанкамі, а «навука» трывала ўсяго тыдзень-два i галоўным пунктам праграмы афіцыяльна мела катэхізацыю, a ў сапраўднасьці гэта было «пераконваньне», што кожны паляк мусіць быць каталіком, a каталік - палякам. Па некаторым часе кс. Любянец пераехаў назад у Вільню, а школу даручыў весьці адпаведна вышкаленым манашкам-катэхэткам, засобіўшы ix i вучняў фінансава.

Што рабіў кс. Любянец у Мінойтах, тое ж рабілі амаль усе польскія парахі на Беларусі. Карэспандэнцыі ў «Беларускай Крыніцы» i «Хрысьціянскай Думцы» даюць безьліч прыкладаў такое дзейнасьці. З свайго боку, польская паліцыя, пасьля дэкрэту мітрапаліта Ялбжыкоўскага супраць «Беларускае Крыніцы», значна зактывізавала супрацьбеларускую дзейнасьць, канфіскуючы пры розных нагодах беларускія каталіцкія часапісы i нават малітаўнік «Голас душы».

Ужо перш успаміналася, што найбольш вострыя атакі былі скіраваны супраць больш сьведамых i актыўных беларускіх сьвятароў - гэтая акцыя ў Віленскай дыяцэзіі ня спынялася ніколі. У 1928 г. а. др. Казімер Кулак, ня могучы атрымаць працы ў беларускай парахвіі, быў на нейкі час прыняты біскупам Лазінскім у Пінскую Духоўную Сэмінарыю, але i там мусіў выкладаць па-польску, а потым i зусім быў выкінены, i мітрапаліт Ялбжыкоўскі паслаў яго ў парахвію Ляндвараў. У 1929 г. a. Францішак Чарняўскі быў высланы ў Францыю працаваць у польскай калёніі. У 1931 г. быў выкінены з ліку прафэсароў Віленскае Духоўнае Сэмінарыі а. др. Язэп Рэшэць i перанесены перш на прэфэкта ў настаўніцкую сэмінарыю, а потым высланы ў глухую мазурскую вёску, адкуль у 1938 г. выехаў у ЗША. Звычайна гэткія перакідваньні адбываліся бяз ніякага розгаласу, але калі ў 1927 г. на мейсца кс. В.Гадлеўскага ў Жодзішкі быў прысланы ксёндз-паляк, дык справа дайшла да скандалу - вернікі замкнулі касьцёл i плябанію, i польскага параха ў беларускую парахвію ўвяла польская паліцыя, выламаўшы дзьверы карабінамі.

У афіцыяльным органе Віленскае каталіцкае мітраполіі зьяўляліся няраз такія артыкулы i лісты мітрапаліта, што нават некаторыя палякі ix ацэньвалі вельмі крытычна, бо, як пісаў адзін расейскі каталіцкі часапіс, які выходзіў пад рэдакцыяй кс. Около-Кулака: «Усё няшчасьце ў тым, што на так званых усходніх ускраінах Польшчы царкоўная работа залішне зьвязана з палітычнаю» [75]. А польская палітыка на беларускіх землях азначалася неймаверным зазнайствам i брутальнасьцю. З гэтага гледзішча здарыўся вельмі характэрны выпадак з а. др. праф. Янкам Тарасэвічам падчас яго падарожжа ў 1935 г. з Амэрыкі (ЗША) на бацькаўшчыну. Калі ён прыехаў у родную вёску Клешнякі, дык атрымаў загад ад павятовага Шчучынскага старасты неадкладна пакінуць вёску i агулам бацькаўшчыну [76].

НАПЯРЭДАДНІ ДРУГОЕ СУСЬВЕТНАЕ ВАЙНЫ

Палітыканства польскага каталіцкага духавенства ў беларускіх парахвіях адбівалася вельмі шкодна на рэлігійным жыцьці. Аб гэтым няраз зьяўляліся весткі ў беларускай прэсе i аб гэтым часам гаварылі вернікі ды нават пісалі аб гэтым да біскупаў. Для прыкладу можа служыць ліст вернікаў з парахвіі Мядзьведзічы Пінскае дыяцэзіі з 1935 г. Яны, між іншым, пісалі: «Просім вышэйшую ў нас каталіцкую ўладу даць нам ксяндзоў-беларусаў i ўвесьці ў касьцёл нашую беларускую мову, бо ў праціўным выпадку скора касьцёл наш саўсім апустошыцца i народ наш адзічэе» [77].

Biдаць аднак, што польскія біскупы рабілі быццам наўмысьля, каб апустошыць беларускія каталіцкія сьвятыні i каб пасьля гэтага ксяндзы маглі бяскарна звальваць віну за гэткі стан на вернікаў. Праўда, гэтае цьверджаньне нельга ўагульніваць, бо пакуль у Пінску жыў Я.Э. Жыгімонт Лазінскі († 1932), дык ён хоць i не азначаўся асабліваю прыхільнасьцю для беларусаў, але так жа не баяўся выступіць супраць загоністых дамаганьняў польскіх нацыяналістаў адносна беларусаў. Аднойчы ён выпрасіў за дзьверы высокага польскага генэрала, які дамагаўся зьнішчэньня ўсяго беларускага ў рэлігійным жыцьці, a іншым разам патрапіў сказаць цьвёрдае слова за гэткае ж дамаганьне нават самому маршалку Пілсудзкаму. На жаль, i гэты ерарх у канцы ўлягаў націску польскіх кіраўнікоў i паволі ачышчаў Пінскую Духоўную Сэмінарыю ад беларускасьці i ад беларусаў, а беларускіх сьвятароў пераносіў у парахвіі з польскім насельніцтвам. А ягоны наступнік ад 1932 г. Я.Э. Казімер Букраба ў сваёй дзейнасьці стараўся прыпадобніцца да мітрапаліта Ялбжыкоўскага.

«Чыстка» духоўных сэмінарыяў у Вільні i Пінску ад беларусаў выконвалася ціха, але адзін выпадак вынес гэтую дзейнасьць на дзённае сьвятло. Выкідаючы бяз ніякае прычыны ў 1935 г. з Віленскае Духоўнае Сэмінарыі Вацлава Папуцэвіча, запрапанована яму ехаць у якую колечы сэмінарыю ў цэнтры Польшчы. Беларуская прэса зьвярнула ўвагу на гэтае здарэньне [78], i факт стаўся шырока ведамы. Ад таго часу ў абедзьве сэмінарыі больш беларусаў агулам ня прыймалі.

Такая рэлігійная палітыка падрывала каталіцызм у сваіх асновах, але, на жаль, польскія духоўныя кіраўнікі яе прытрымоўваліся на Беларусі з крайным засьляпленьнем. Асабліва наглядна гэта выявілася ў адносінах да Беларускае Каталіцкае Акцыі. На арганізацыйным сходзе беларускага каталіцкага актыву ў Вільні 8.Х.1936 г. было пастаноўлена заснаваць Беларускую Каталіцкую Акцыю. Тымчасовая управа гэтае арганізацыі на чале з a. Гэрмановічам зьвярнулася да кампэтэнтных духоўных уладаў у Вільні з просьбаю аб зацьверджаньні новае арганізацыі. Справа была выслана ў Познань, дзе знайходзіўся цэнтар Каталіцкае Акцыі на ўсю Польшчу. Адтуль адказалі, што ня можа быць самастойнае Беларускае Каталіцкае Акцыі (ня кажучы чаму), але можа быць толькі беларуская сэкцыя пры мяйсцовай дыяцэзальнай Каталіцкай Акцыі. Справа зноў знайшлася ў Віленскай дыяцэзальнай канцылярыі, i адтуль пасьля розных абяцанак i адкладаў у лютым 1937 г. адказалі, што i беларуская сэкцыя Каталіцкай Акцыі ня можа быць зацьверджана. Выходзіла так, што беларусам-каталіком з сваім рэлігійным жыцьцём у каталіцкай Польшчы трэба было хавацца ў катакомбы.

Час, аб якім тут гаворыцца, у міжнародным жыцьці азначаўся ўзрастаючым напружаньнем. I ў меру таго, як гэтае напружаньне ўзрастала, збольшваўся польскі наступ на беларускае каталіцкае жыцьцё. Але ў гэтым наступе апошніх гадоў неабходна разрозьніць наступ палітычных кіраўнікоў ад дзейнасьці польскага духавенства.

Вышэйпералічаныя факты сьведчаць, што наступ польскіх рэлігійных кіраўнікоў на беларускае рэлігійнае жыцьцё ўсьцяж узрастаў, аднак польскія дзяржаўныя дзеячы лічылі, што гэты наступ быў яшчэ заслабы, i пачалі самі пераймаць на сябе ролю «місіянэраў» у шырэньні каталіцызму («польскае веры») на т.зв, Крэсах Усходніх.

Вельмі актыўна ўзяліся за «місіянэрства» афіцэры з Корпусу Ахароны Прыгранічча. Яны, стэрарызаваўшы папярэдня жыхароў праваслаўнае вёскі Грынкі на Валыні, перавялі 19 сьнежня 1937 г. большасьць жыхароў гэтае вёскі ў каталіцызм лацінскага абраду, перапісваючы ix адначасна на палякаў. Захопленыя гэтым прыкладам, польскія прыгранічнікі пачалі падобную «місійную працу» ўздоўж усяе ўсходняе граніцы. Вынікі такое «місійнае» працы былі нязначныя, але гоману было шмат. Таму, аднак, што ў аграмаднай большасьці прыгранічных вёсак насельніцтва катэгарычна адмаўлялася ад пераходу на «польскую веру», дык пачаў пашырацца тэрор у розных прыхаваных i яўных формах. Украінскі пасол Скрыпнак інтэрпэляваў у гэтай справе 1 лютага 1938 г. На інтэрпэляцыю адказаў прэм'ер-міністар генэрал Славой-Складкоўскі, заяўляючы, што насельніцтва у прыгранічных вёсках пераходзіць на каталіцызм дабравольна i што там ніякага прымусу адміністрацыйныя ўлады ня робяць [79]. Але роўна тры тыдні пасьля заявы прэм'ер-міністра ноччу 21 сакавіка некалькі сялян з успомненае ўкраінскае вёскі Грынкі, якія катэгарычна адмовіліся перайсьці ў «польскую веру», атрымалі загад ад Валынскага ваяводы неадкладна пакінуць родную вёску.

На беларускіх прыгранічных абшарах «місійная праца» Корпусу Ахароны Прыгранічча міма вялікае прапаганды ня прыносіла жаданых вынікаў, але затое адміністрацыйныя ўлады пачалі высяленьне з прыгранічнае смугі «няпэўнага элемэнту». Відаць, што да найбольш няпэўных былі залічаны беларускія каталіцкія сьвятары i каталіцкі актыў, бо ад ix пачалася «чыстка» прыгранічча. Загадам Віленскага ваяводы Бацянскага 10.VI.1938 г. мусілі выехаць з Друі беларускія айцы-марыяне: Язэп Дашута, Казімер Смулька, Віталі Хамёнак i Юры Кашыра. Праз пару дзён, вярнуўшыся ў Друю з дазволу ваяводы, яны былі адтуль выселены прымусова 23.VI.1938 г. У зьвязку з гэтаю падзеяю польская прэса загаварыла на ўсе лады. Зьявіліся крайне бязглуздыя напасьлівыя артыкулы ў шавіністычнай прэсе [80], але зьявіліся так жа i абаронныя галасы [81]. Польскае Міністэрства Ўнутраных Спраў не жадала прыслухоўвацца да ніякіх цьвярозых галасоў i пастанавіла акцыю высяленьня яшчэ ўзмоцніць; загадам з 25.VI.1938 г. была пашырана прыгранічная паласа на 150 км. Гэткім чынам большая частка беларускіх абшараў знайшлася ў сфэры, з якое адміністрацыйныя ўлады маглі бяскарна высяляць каго хацелі пад прэтэктам «няпэўнага элемэнту».

Новы загад шырока адчыняў дзьверы для польскае адміністрацыі ў змаганьні з беларускім актывам. Усьлед за ўспомненымі айцамі-марыянамі з тэй жа Друі 8.VII. былі выселены 5 марыянскіх клерыкаў, у ix ліку 4 беларусаў: Антон Падзява, Чэслаў Сіповіч, Казімер Саруль i Боніфац Саруль. А 10.VII. выселелі з Вільні а. Язэпа Германовіча, так жа марыяніна. Ня ўсьпела яшчэ ўлягчыся вестка аб пагроме айцоў-марыянаў, як 28.ХІ.1938 г. выселена з Вільні: кс. Адама Станкевіча, кс. Уладыслава Талочку i інжынэра Адольфа Клімовіча, a 15.V.1939 г. выселена з Стоўбцаў а. Льва Гарошку. Усё гэта дзеялася сапраўды як на пусты канец, i той канец хутка набліжаўся.

У верасьні 1939 г. фанабэрысты польскі дзяржаўны апарат, які зьбіраўся паставіць крыж на магіле беларускага нацыянальнага i рэлігійнага жыцьця, распырснуўся сам як мыльная бурбалька, а польская каталіцкая ерархія на Беларусі часткава разгубілася. Пінскі біскуп Казімер Букраба ўцёк у Львоў, а ягоны суфраган Кароль Няміра ўцёк у Варшаву, некаторыя ксяндзы-палякі так жа павыяжджалі з Беларусі але тыя, што асталіся, прадаўжалі сваю працу на стары лад. Ня могучы, бяз згоды свае ерархіі, уводзіць якіхсьці зьменаў, яны няраз ставаліся ахвярамі новых рэжымаў - перш бальшавіцкага i асабліва потым назістоўскага. У 1942 г. нямэцкае гестапа выкарыстала адмову некаторых польскіх ксяндзоў у Баранавіцкай i Слонімскай акругах увесьці беларускую мову ў казаньні, каб правесьці масавыя арышты i расстрэлы ў радох каталіцкага духавенства. Тыя, што асталіся пры жыцьці, пачалі пакрысе ўводзіць беларускую мову ў касьцёлы.

У Віленшчыне i Лідчыне ніякіх зьменаў на лепшае ў беларускіх парахвіях ня сталася. Мітрапаліт Ялбжыкоўскі аставаўся ў Вільні да 1945 (?) г. i праводзіў далей сваю палітыку. Толькі апыніўшыся ў межах летувіскае рэспублікі, мусіў прызнаць летувісам належнае права ў рэлігійным жыцьці, а да беларусаў i далей адносіўся варожа. А нават у 1943 г. быў прыслаў суспэнзу кс. Вінцэсю Гадлеўскаму за тое, што ён працаваў у Менску на беларускай рэлігійнай i градзкай ніве. Тая суспэнза мае асаблівую вымову, бо яна падпісана ўжо пасьля сьмерці кс. Гадлеўскага († 1942), які злажыў сваё жыцьцё за беларускую рэлігійную i грамадзкую справу.

Вяковую прапаганду «польскае веры» практычна выкарысталі бальшавікі ў 1945-1947 гг., тады каля 500 000 беларусаў-каталікоў лацінскага абраду згаласілася на выезд у Польшчу для засяленьня новапрылучаных абшараў, зьнішчаючы праз гэта аўтаматычна большую частку каталіцкіх парахвіяў у Беларуci.

http://pawet.net/library/history/bel_history/_rhist/2090a/Пад_знакам_'рускае_i_польскае_веры'.html?fbclid=IwAR3oGSM6qVu2dEWRztrQhiZCvHyd0JX2ArozbtpIIzojjeVM-grvGroJ3GE